МІ́НСКІЯ НАРО́ДНІЦКІЯ ГУРТКІ́ дзейнічалі ў Мінску ў 2-й пал. 1870—80-х г. Складаліся пераважна з прадстаўнікоў разначыннай інтэлігенцыі, прыхільнікаў тэорыі сял. сацыялізму. Першыя гурткі арганізаваны ў пач. 1876 студэнтамі М.​Шварцам, С.​Гаховічам, М.​Велерам. Яны вялі прапаганду сярод вучняў, інтэлігенцыі, рамесных рабочых, сялян, яўр. насельніцтва. Гурткі аб’ядноўвалі больш за 160 чал. У час расколу «Зямлі і волі» (1879) у Мінск двойчы прыязджаў у 1879—80 лідэр «Чорнага перадзелу» Г.​В.​Пляханаў; другі яго прыезд звязаны з арганізацыяй у Мінску С.​Грынфестам і І.​Ляўковым цэнтр. падп. друкарні партыі «Чорны перадзел». Мінскія гурткі мелі цесную сувязь з польскай сацыяліст. партыяй «Пралетарыят». У 1887—88 пасля працяглых дыскусій пад уздзеяннем брашуры Пляханава «Нашы рознагалоссі» нарадавольцы аб’ядналіся вакол А.​В.​Бонч-Асмалоўскага, А.​Я.​Багдановіча, Я.​С.​Хургіна. Большасць чорнаперадзельцаў перайшла ўслед за Пляхановым на с.-д. пазіцыі.

М.​А.​Сакалова.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)